ПАДКО́РМКА РАСЛІ́Н,

угнойванне с.-г. культур на працягу вегетацыйнага перыяду. Дапаўняе дапасяўное ўгнойванне, узмацняе жыўленне раслін, павышае іх ураджайнасць. Эфектыўнасць П.р. залежыць ад надвор’я, уласцівасцей угнаенняў (растваральнасць у вадзе, ступень перамяшчэння ў глебе і інш.). Бываюць П.р. каранёвая (угнаенні ўносяць у глебу, засвойваюцца праз карані) і пазакаранёвая (угнаеннямі апрацоўваюць зялёныя ч. раслін, засвойваюцца праз сцёблы і лісце).

Каранёвая П.р. — раскідванне сухіх угнаенняў з загортваннем у глебу ці без загортвання, унясенне вадкіх угнаенняў (напр., пры паліве); для азімых культур найб. эфектыўная ранняй вясной, для збожжавых — у пачатку калашэння. Пазакаранёвая П.р. — апырскванне раслін вадкімі ці апыльванне парашкападобнымі ўгнаеннямі; найб. эфектыўная для некат. збожжавых, прапашных, кармавых культур у 2-й пал. вегетац. перыяду.

т. 11, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)